Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
13.04.2021

Беларускі саюз жанчын напярэдадні 80-годдзя пачатку ВАВ аб'яўляе акцыю "Я, мы помнім!"

 Беларускі саюз жанчын напярэдадні 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны аб'яўляе акцыю "Я, мы помнім!", паведаміла журналістам старшыня Беларускага саюза жанчын, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. Сёння яна прымае ўдзел у круглым стале на тэму "Беларускі саюз жанчын і маладзёжная ініцыятыва" ў Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння БСЖ разам з парламентарыямі праводзіць круглы стол з прадстаўнікамі 24 маладзёжных арганізацый, якія працуюць у нашай краіне, якія канструктыўныя і не на словах разумеюць, што такое патрыятызм, радзіма і што такое мерапрыемствы, якія трэба праводзіць на карысць іншых людзей. Вядома, Беларускі саюз жанчын разглядае гэту пляцоўку як наш перспектыўны кадравы рэзерв для таго, каб прыцягнуць у нашы рады найбольш актыўных і мэтанакіраваных дзяўчат, - сказала Алена Богдан. - Сёння мы хочам даць старт вельмі цікавай і важнай акцыі "Я, мы помнім!", якую ў бягучым годзе БСЖ вырашыў праводзіць як вочна, так і віртуальна".

Акцыя прызначана прыцягнуць увагу моладзі да спадчыны Вялікай Перамогі, да памяці аб тых падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі нашай рэспублікі.

"Што можа БСЖ перадаць моладзі? Напэўна, сёння той час, калі мы павінны навучыцца чуць моладзь, чаго яна хоча, як бачыць свой удзел у кіраванні дзяржавай, як бачыць сябе ў выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі. І мы лічым, што Беларускі саюз жанчын з'яўляецца добрай дыялогавай пляцоўкай для таго, каб пачуць прапановы моладзі не толькі па мерапрыемствах, але і напаўненні і змяненні заканадаўства. Сёння працуе Канстытуцыйная камісія, і нам таксама будзе вельмі важна пачуць, што ж моладзь бачыць неабходным у змяненні тых норм, тых догмаў і, самае галоўнае, тых правіл, па якіх будзе жыць і развівацца наша грамадства", - адзначыла старшыня БСЖ.

Удзельнікі круглага стала абмяркуюць тэмы, якія датычацца ў першую чаргу эфектыўных форм узаемадзеяння з рознымі маладзёжнымі аўдыторыямі (школьнікамі, студэнтамі, працуючай моладдзю), а таксама заканадаўчага забеспячэння маладзёжнай палітыкі ў краіне. Па выніках плануецца сфармуляваць дарожную карту канкрэтных праектаў, накіраваных на яднанне і патрыятычнае выхаванне моладзі.

У пасяджэнні ўдзельнічаюць кіраўніцтва Беларускага саюза жанчын, прадстаўнікі розных маладзёжных арганізацый і аб'яднанняў. Сваім бачаннем патрыятычнага выхавання сучаснага пакалення падзеліцца таксама спартсмен, грамадскі дзеяч і матывацыйны лідар Аляксей Талай.-0-